АГРАПРАМЫСЛО́ВЫ КО́МПЛЕКС
(АПК),
сукупнасць галін нар. гаспадаркі, якія забяспечваюць вытв-сць прадуктаў харчавання і прамысл. вырабаў з с.-г. сыравіны, а. таксама рэалізацыю іх спажыўцам. Уключае: галіны, якія забяспечваюць АПК сродкамі вытв-сці (харч. прам-сць, трактарнае і с.-г. машынабудаванне, рамонт тэхнікі, вытв-сць мінер. угнаенняў і хім. сродкаў аховы раслін, здабычу торфу для сельскай гаспадаркі, мікрабіялагічную прам-сць і капітальнае буд-ва); сельскую гаспадарку (у т. л. асабістую дапаможную гаспадарку насельніцтва) і лясную гаспадарку, галіны, што даводзяць с.-г. прадукцыю да спажыўца (нарыхтоўка, перапрацоўка, захаванне, транспарціроўка, рэалізацыя). У аграпрамысловай вытв-сці вылучаюць: вытв-сць сродкаў вытв-сці для ўсёй сістэмы АПК; с.-г. вытв-сць; вытв-сць прадуктаў харчавання і прамысл. вырабаў з с.-г. сыравіны; рэалізацыю канчатковай прадукцыі; вытв.-тэхн. і тэхнал. абслугоўванне ўсіх стадый аднаўленчага цыкла. Да АПК адносяць таксама с.-г. навуку і сістэму падрыхтоўкі кадраў для ўсіх сфераў. На долю галін, якія ўваходзяць у АПК Рэспублікі Беларусь, прыпадае больш за 40% валавога грамадскага прадукту, каля 45% асн. вытв. фондаў і 36% колькасці працоўных усёй нар. гаспадаркі (1992). Асноўнае звяно АПК — сельская гаспадарка, у якой сканцэнтравана больш за 70% асн. вытв. фондаў АПК, каля 70% працаўнікоў і вырабляецца больш за 45% валавой прадукцыі (1992).
М.А.Бычкоў, У.Р.Гусакоў.
т. 1, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)